У нашай дашкольнай установе прайшоў тэматычны тыдзень, прысвечаны беларускаму слову «забаўлянка». На працягу тыдня выхаванцы знаёміліся з багаццем беларускай народнай творчасці, вучыліся разумець і выкарыстоўваць родную мову праз гульні, песні, вершы і рухальную дзейнасць.

Забаўлянкі — гэта кароткія вясёлыя вершыкі і песенькі, якія з даўніх часоў дапамагаюць дарослым забаўляць дзяцей, развіваць іх маўленне, пачуццё рытму і цікавасць да народных традыцый.
У сярэдняй групе № 2 прайшоў занятак «Вясёлыя гукі і прыгожыя словы», падчас якога дзеці пазнаёміліся са значэннем слова «забаўлянка», слухалі народныя пацешкі «Ладу, ладу, ладкі», «Гушкі, гушкі, гушкі». Выхаванцы з задавальненнем удзельнічалі ў беларускіх народных гульнях «Грушка», «Каторы лісток адпачываў?», а таксама ў дыдактычных гульнях «Падбяры карцінку да слова» і «Назаві ласкава».

У сярэдняй групе № 7 дзеці развучвалі забаўлянкі «У зайку», «Ішла каза», выконвалі танец-забаўлянку «Зайка польку танцаваў», удзельнічалі ў маўленчым практыкаванні «Здагадайся, пра каго я расказваю» і дыдактычнай гульні «Знайдзі памылку». Такія заняткі спрыялі развіццю ўвагі, памяці, маўлення і рухальнай актыўнасці.

Самыя маленькія выхаванцы першай малодшай групы далучыліся да беларускага фальклору праз пальчыкавыя забаўлянкі. Вясёлыя рухі ў спалучэнні з рыфмаванымі словамі дапамагалі малышам развіваць дробную маторыку, каардынацыю рухаў, маўленчую актыўнасць і стваралі добры настрой.

Выхаванцы старэйшай групы № 8 не толькі пазнаёміліся з беларускімі забаўлянкамі, але і адправіліся ў цікавае відэападарожжа па экспазіцыі «Самабытная культура беларускага народа». Дзеці даведаліся, як жылі нашы продкі, у якія гульні гулялі і якое месца займалі забаўлянкі ў жыцці беларускай сям'і.

На музычных занятках дзеці таксама далучаліся да беларускай народнай культуры праз песні, гульні і танцы, у тым ліку «Мікіта», «Дудачка», «Бульба». З выхаванцамі першай малодшай групы праводзілася развучванне народных пацешак.
Тыдзень беларускага слова «Забаўлянка» падарыў дзецям шмат радасці, усмешак і новых адкрыццяў. Праз народныя гульні, музыку і мастацкае слова выхаванцы дакрануліся да культурнай спадчыны свайго народа, адчулі прыгажосць і мілагучнасць беларускай мовы.
Захаванне народных традыцый пачынаецца з дзяцінства, а забаўлянка — адзін з першых крокаў у чароўны свет роднага слова!


