Восень — чароўная пара года, якая дорыць нам яркія фарбы, залатое лісце і непаўторную прыгажосць прыроды. Менавіта гэтаму цудоўнаму часу года быў прысвечаны тэматычны тыдзень беларускага слова «Восень» у нашай дашкольнай установе. На працягу тыдня выхаванцы вучыліся заўважаць восеньскія змены ў прыродзе, пашыралі слоўнікавы запас на беларускай мове, знаёміліся з творамі беларускіх паэтаў, удзельнічалі ў гульнях і творчай дзейнасці.

У сярэдняй групе № 2 прайшла пазнавальная гутарка «Чаму мы кажам, што прыйшла восень?». Дзеці абмяркоўвалі характэрныя прыкметы восені: пахаладанне, ападанне лісця, частыя дажджы. З цікавасцю слухалі вершы і загадкі пра восень, гулялі ў рухомую гульню «Раз, два, тры — да дрэва бяжы!». Дыдактычныя гульні «Пашукай такі ж лісток» і «Назаві ласкава» дапамагалі замацоўваць новыя словы і развіваць маўленне.

Самыя маленькія выхаванцы першай малодшай групы знаёміліся са словам «восень» праз цікавыя развівальныя гульні «Дожджык», «Збяры восеньскі лісточак», «Лістапад». У гульнявой форме малышы вучыліся пазнаваць восеньскія з'явы і называць іх на беларускай мове.

У старэйшай групе № 6 дзеці ўдзельнічалі ў гутарцы «Восеньскія прыкметы», слухалі вершы К. Каліны «Верасень», «Кастрычнік» і Я. Купалы «Лістапад». Асаблівую цікавасць выклікала знаёмства з рэпрадукцыяй карціны І. І. Левітана «Залатая восень». Падчас гульні-падарожжа «У госці да восені» выхаванцы замацоўвалі свае веды, а на занятках па выяўленчым мастацтве стваралі малюнкі на тэму «Восень у парку».

У сярэдняй групе № 7 дзеці назіралі за зменамі ў прыродзе, разглядалі восеньскія ілюстрацыі, слухалі верш Я. Купалы «Лістапад», гулялі ў дыдактычную гульню «Калі гэта бывае?». Свае ўражанні ад прыгажосці восені выхаванцы перадалі ў малюнках «Лістапад», выкарыстоўваючы незвычайную тэхніку — штампаванне лісцем дрэў. Да тэматычнага тыдня далучыліся і бацькі, якія прынялі ўдзел у фотавыставе «Восень у Магілёве».

Не засталіся ўбаку і музычныя заняткі. Дзеці спявалі песні на восеньскую тэматыку, выконвалі танец з лісточкамі, з задавальненнем удзельнічалі ў музычнай гульні «Збяры букецік». Праз музыку і рухі яны вучыліся перадаваць настрой і прыгажосць восеньскай прыроды.

Тыдзень беларускага слова «Восень» атрымаўся яркім, цікавым і пазнавальным. Ён дапамог дзецям не толькі ўзбагаціць слоўнікавы запас, але і навучыцца бачыць прыгажосць роднай прыроды, беражліва ставіцца да яе, адчуваць мілагучнасць беларускага слова.
Няхай любоў да роднай мовы і захапленне прыгажосцю навакольнага свету растуць разам з нашымі маленькімі выхаванцамі!


